АСНО́ЎНЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,
сінтэтычныя арганічныя фарбавальнікі, якія маюць у сабе асн. групы (амінагрупы). З кіслотамі ўтвараюць водарастваральныя солі, з гетэраполікіслотамі — святлоўстойлівыя нерастваральныя лакі. Выпускаюцца ў выглядзе соляў пераважна салянай, сернай, шчаўевай кіслот. Афарбоўваюць валокны з кіслотнымі групамі (шэрсць, натуральны шоўк, поліамідныя валокны), трымаюцца на іх дзякуючы іонным сувязям; цэлюлозныя валокны афарбоўваюцца толькі пасля пратраўлення. Асноўныя фарбавальнікі надаюць матэрыялам яркі колер, малаўстойлівы да дзеяння святла і шчолачных раствораў. Выкарыстоўваюцца ў паліграф., тэкст. і гарбарнай прам-сці.
т. 2, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)